Главная | Структура | Лабараторыя інтрадукцыі драўняных раслін

Лабараторыя інтрадукцыі драўняных раслін

Загадчык лабараторыі: кандыдат біялагічных навук Тамара Васільеўна Шпітальная.

Аддзел дэндралогіі створаны ў ЦБС НАН Б адным з першых у 1933 годзе. Ім кіраваў прафесар С.П.Мельнік. З 1939 года фактычна да 1957 года (з улікам Вялікай Айчыннай вайны, розных рэарганізацый) аддзел узначальваў Н.Д.Несцяровіч, абраны пасля акадэмікам. З 1957 да 1989 гг. аддзел, пасля лабараторыю інтрадукцыі драўняных раслін узначальваў доктар біялагічных навук Н.В.Шкутко. З 1989 года лабараторыяй кіруе І.М.Гаранавіч, з 2017 - Т.У. Шпітальная. У 2005 годзе лабараторыя пераўтворана ў аддзел. З 2010 года - зноў лабараторыя.

Працуе 17 супрацоўнікаў, з іх кандыдатаў навук - 4, навуковых супрацоўнікаў без ступені - 3, інжынераў і аграномаў - 3, працоўных - 8.

Асноўныя напрамкі навуковых і прыкладных даследаванняў

  • Распрацоўка навуковых асноў інтрадукцыі драўняных раслін у Беларусі;
  • Вывучэнне адаптацыйных магчымасцяў відаў, працэсу адаптацыі, антагенетычнай зменлівасці;
  • Аналіз флор, выяўленне перспектыўных раёнаў інтрадукцыі;
  • Узбагачэнне і захаванне генафонду інтрадуцыраваных драўняных раслін (першасная інтрадукцыя, дэндрарый);
  • Вывучэнне драўняных раслін, перспектыўных для фармацэўтычнай прамысловасці;
  • Селекцыя бэзу, вейгелы, курыльскай гарбаты і інш.;
  • Эколага-біялагічнае вывучэнне асобных відаў, родаў і сямействаў (ціс, бружмель, абляпіха, ліпа, сямействы кіпарысавыя, верасовыя, алейныя, дзерановыя, магноліевыя, гартэнзіевыя і інш.);
  • Інтрадукцыя і сортавывучэнне роду бэз, распрацоўка тэхналогій яе рэпрадукцыі;
  • Вывучэнне магчымасцей выкарыстання драўняных раслін умеранай зоны ў фітадызайне;
  • Распрацоўка тэхналогій рэпрадукцыі і вырошчвання пасадачнага матэрыялу;
  • Распрацоўка праектаў і стварэнне дэндрарыяў, аб'ектаў зялёнага будаўніцтва;
  • Вывучэнне старажытных паркаў і культурнай флоры Беларусі;
  • Ацэнка стану драўняных насаджэнняў і вывучэнне асаблівасцей сучаснага азелянення буйных гарадоў Беларусі.

Найважнейшыя вынікі навуковых і прыкладных даследаванняў

Дадзена ацэнка сучаснага стану каля 500 старажытных паркаў Беларусі.

Папоўнена і абноўлена калекцыя бэзу, якая налічвае каля 200 таксонаў. Даказана перспектыўнасць выкарыстання краявіднага бэзу ў азеляненні.

Распрацаваны асартымент драўняных інтрадуцэнтаў для азелянення асобных рэгіёнаў і краіны ў цэлым. Распрацаваны і аптымізаваны тэхналогіі рэпрадукцыі і вырошчвання пасадачнага матэрыялу інтрадуцэнтаў.

У выніку актыўнай інтрадукцыйнай працы, якая праводзіцца лабараторыяй, створаны адзін з найбуйнейшых дэндрарыяў у краіне. На аснове аналізу фларыстычных багаццяў найважнейшых батаніка-геаграфічных абласцей прыцягнення і першаснага выпрабавання ў мясцовых умовах новых відаў драўняных раслін створаны для далейшага інтрадукцыйнага вывучэння багаты генафонд, які налічвае каля 2,5 тыс. таксонаў.

Міжнароднае супрацоўніцтва

Міжнароднае супрацоўніцтва развіваецца праз дагаворы аб супрацоўніцтве з батанічнымі ўстановамі шэрагу краін, прадугледжваецца і камерцыйная дзейнасць: Расія, Украіна, Літва, Эстонія, Грузія, В'етнам, Англія і інш.

Другі шлях - удзел у Міжнародных праектах: Латвія, Украіна, Расія і інш.

Трэці шлях - праз членства ў Міжнародных арганізацыях: Цэнтр даследавання абляпіхі, Савет батанічных садоў Расіі і Беларусі, асацыяцыі арэхаводаў, таварыства бэзаводаў і інш. Стварэнне Савета батанічных садоў Расіі і Беларусі з'явілася істотным каталізатарам у актывізацыі супрацоўніцтва з Расіяй, у якім лабараторыя актыўна ўдзельнічае.

Паляпшэнне якасці вытворчасці пасадачнага матэрыялу і выхад на рынкі Расіі праз пасярэднікаў у г. Маскве.

Патэнтна-ліцэнзійная дзейнасць

  • Створаны новыя гатункі прыгожаквітнеючых хмызнякоў:курыльскі чай - Румянец;вейгела - Рамантыка, Вадаліў, Таццяна, Феерверк, Спадчына Чахоўскага, Майскі водар, Ружовае воблака, Заранка. Хенамелеса - Буйны, Восеньскі.
  • У 2015 годзе раяніраваны сарты бэзу Мінская прыгажуня і курыльскай гарбаты Сняжынка.
  • У 2011 годзе атрыманы патэнт на спосаб атрымання ўкаранёных чаранкоў бэзу секцыі Валасістыя бэзу.

Публікацыі

Па выніках даследаванняў апублікавана больш за 30 манаграфій, 55 брашур, больш за 1500 навуковых артыкулаў і тэзісаў дакладаў.